КХЛ Событие 07 января 2020

Мінскае «Дынама» згуляе з «Куньлунем» на Каляды. Клуб абяцае заўзятарам сапраўдны беларускі вечар

І паспрабуе падмацаваць уражанні перамогай.

«Зубры» ізноў апусціліся на апошні радок у лізе, але галоўны трэнер спрабуе захоўваць пазітыўны настрой. З іншага боку, так і патрэбна рабіць: калі шансы на плэй-офф вельмі маленькія, гэта не гаворыць аб тым, што зараз дынамаўцы павінны махнуць рукой на гэты сезон, у якім застаецца яшчэ шмат гульняў. Наадварот, калі вырашэнне галоўнай задачы пад вялікім пытаннем, можа стацца так, што хакей «зуброў» набудзе новыя колеры – пры адсутнасці ціску гуляецца значна прасцей.


Сёння ў госці да «Дынама» завітае «Куньлунь», які ўзначальвае Курт Фрэйзер. Сам спецыяліст акрамя непасрэдна гульні КХЛ паўдзельнічаў у мерапрыемствах, прысвечаных Калядным спаборніцтвам, і адзначыў, што «уражаны Мінскам і новымі лядовымі палацамі», а таксама паабяцаў заўзятарам «захапляльны хакей» у аўторак.

Ён насамрэч можа стаць такім, бо мінулая сустрэча супернікаў, якая адбылася 25 снежня 2019-га ў Пекіне, скончылася мінімальнай перамогай кітайскай каманды – 2:1 (Йіп, Сміт-Пэллі – А. Касціцын). Праўда, пасля «Куньлунь» прайграў чатыры разы запар, закінуўшы толькі тры шайбы. У гэтым годзе хакеісты Фрэйзера наогул не запалілі чырвонае святло за варотамі аніразу – паразы ад маскоўскага «Дынама» (0:2) і «Лакаматыва» адкінулі каманду на сёмы радок. Да дзесятага – толькі «+4».

Акрамя непасрэдна хакея, гаспадары пляцоўкі сёння абяцаюць заўзятарам насычаную праграму, прысвечаную Калядам. Яна дакладна спадабаецца сапраўдным беларусам: перад гульнёй і ў перапынках на «Мінск-Арэне» выступіць гурт «Стары Ольса», гледачоў чакае сапраўднае калядаванне і святочныя забавы, для дзетак будзе арганізаваны майстар-клас «Калядная зорка». Больш падрабязней чытайце тут. І абавязкова прыходзьце на трыбуны а 16-й гадзіне (так, гульня пачнецца крыху раней). Квіткі ў продажы.

Кантынентальная хакейная ліга

Рэгулярны чэмпіянат

Дынама Мінск – Куньлунь

7 студзеня. «Мінск-Арэна». Пачатак – у 16:10. Жывы эфір – на «Беларусь 5».